Васіль Быкаў і Гродна. Угодкі з дня нараджэння

19 чэрвеня творчая супольнасць Беларусі будзе адзначаць 86 угодкі з дня нараджэння Васіля Быкава (19.06.1924 – 22.06.2003). Імя гэтага чалавека вядома далёка за межамі нашай краіны, творы пісьменніка перакладзены на дзесяткі моў свету, а проза Васіля Быкава лічыцца ўзорам сапраўднага гераічнага эпаса пра Вялікую Айчынную вайну, дзе на першы план ставіцца балючая праўда пра нацыянальную трагедыю ХХ стагоддзя.

Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў першыя пасляваенныя гады. З 1947 года Васіль Быкаў дэмабілізуецца ў Гродне, дзе пачынае працаваць мастаком у гродзенскіх майстэрнях, а таксама ў рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”. З 1956 па 1972 год працуе літаратурным кансультантам у названай абласной газеце, затым пачынае выступаць у якасці журналіста. Дарэчы, менавіта ў нашым горадзе з’яўляюцца яго першыя нарысы, фельетоны, замалёўкі. У 1972 годзе абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР. А з 1978 года пакідае Гродна і пераязжае на сталае жыццё ў Мінск.

Такім чынам, у Гродне пісьменнік пражыў 25 год свайго жыцця, зведаўшы шмат чаго ў неспрыяльныя для сваёй творчасці часы, аднак, як ні дзіўна, да гэтай пары памяць нашага славутага земляка не ўвекавечана ў якасці назвы адной з вуліц горада. Шматлікія спробы гэта зрабіць не знаходзяць належнай падтрымкі сярод гарадзенскай улады, што сведчыць пра забытую памяць і няўдзячнасць нашчадкаў да чалавека, які здолеў напісаць праўду пра вайну, які сваёй крывёй абараняў краіну ад ворагаў і здолеў узняць ваенную праблематыку на сапраўды сусветны ўзровень.

Тым не менш, Васіль Быкаў – нацыянальны беларускі пісьменнік, франтавік, памяць якога заўсёды шануецца і не забываецца вось ужо некалькі дзеяткаў год. І верыцца, што так будзе заўсёды…

Опубликовано 18 Июнь 2010 в 10:26. Рубрика: Люди.

 

Ваш отзыв